Download PDF  download

ТРАКТАТ АБ САПРАЎДНЫМ НАБАЖЭНСТВЕ ДА НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ

Spis treści

 

ТРАКТАТ АБ САПРАЎДНЫМ НАБАЖЭНСТВЕ ДА НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ

 «Падрыхтоўка да надыходу валадарства Езуса Хрыста»

 

ПАТРЭБА, ЯКУЮ МЫ МАЕМ У
САПРАЎДНЫМ НАБАЖЭНСТВЕ ДА
НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ

 

НЕАБХОДНАСЦЬ НАБАЖЭНСТВА ДА МАРЫІ

 

[1] Менавіта праз Найсвяцейшую Дзеву Езус Хрыстус прыйшоў у свет, і менавіта праз Яе Ён павінен у ім валадарыць.

[2] Марыя была вельмі ўкрытая ў сваім жыцці: таму Дух Святы і Касцёл называюць Яе Alma Mater: Маці ўкрытая і таямнічая. Яе пакора была настолькі глыбокай, што ў Яе жыцці не было больш моцнага і сталага жадання за тое, каб схавацца ад сябе і ўсіх стварэнняў, каб ведаў Яе толькі Бог.

[3] Бог, каб выканаць Яе просьбы схаваць Яе, зрабіць убогай і пакорнай, якія Яна да Яго ўзносіла, з задавальненнем схаваў ад чалавечага вока Яе зачацце, нараджэнне, жыццё, таямніцы ўваскрашэння і ўнебаўзяцця. Нават Яе бацькі не ведалі Яе; анёлы часта пыталіся адзін аднаго: «Quae est ista?» «Хто яна?» Таму што Бог хаваў Яе ад іх; а калі адкрываў ім штосьці з гэтай таямніцы, то хаваў ад іх Яе яшчэ глыбей.

[4] Бог Айцец згадзіўся на тое, каб у сваім жыцці Яна не ўчыніла ніводнага вялікага цуду, хоць і даў Ёй магутнасць. Бог Сын згадзіўся на тое, што Яна амаль не прамаўляла, хоць Ён і надзяліў Яе сваёю мудрасцю. Бог Дух Святы згадзіўся на тое, што Апосталы і Евангелісты казалі пра Яе вельмі мала і роўна столькі, колькі было патрэбна, каб іншыя пазналі Езуса, хоць Яна і была Яго вернай сужонкай.

[5] Марыя — гэта найцудоўнейшае стварэнне Найвышэйшага, якое ведае і якім валодае толькі Ён. Марыя — гэта годная Маці Сына, Якую Ён захацеў упакoрыць і хаваць на працягу Яе жыцця і, каб падкрэсліць Яе пакору, назваў Яе жанчынай, mulier, як чужую, нягледзячы на тое, што ў Сваім Сэрцы Ён шанаваў і любіў Яе больш за ўсіх анёлаў і людзей. Марыя — гэта замкнёная крыніца і верная Сужонка Духа Святога, ўвайсці да якой можа толькі Ён. Марыя — гэта святыня і адпачынак Святой Тройцы, дзе Бог валадарыць самым найцудоўнейшым і боскім спосабам, як ні ў якім іншым месцы сусвету, не выключаючы нават месца Свайго прабывання, якое ўзвышаецца над Хэрувімамі і Сэрафімамі. І ніводнае, нават самае чыстае, стварэнне не мае доступу да гэтай Святыні без асаблівага прывілею.

[6] Я кажу разам са святымі: Марыя — гэта зямны рай новага Адама, дзе Ён уцелавіўся св справай Духа Святога, каб учыніць там неспасцігальныя цуды. Гэта вялікі і цудоўны свет Бога, дзе знаходзяцца хараство і невымоўныя скарбы. Гэта цуд Найвышэйшага, у якім Ён схаваў, як у Сваім улонні, Свайго адзінага Сына, а ў Ім усё самае цудоўнае і каштоўнае. О, колькі ж вялікіх і таямнічых спраў учыніў усемагутны Бог у гэтым стварэнні, як Яна Сама кажа гэта, нягледзячы на Сваю вялікую пакору: “Што стварыў мне веліч Моцны”. Свет гэтага не ведае, бо ён да гэтага няздольны і гэтага няварты.

[7] Святыя сказалі шмат найцудоўнейшых соў пра гэты святы горад Божы; і, як яны кажуць, ніколі не былі настолькі красомоўнымі і не мелі такога задавальнення, як у тыя моманты, калі казалі пра Яе. Пасля гэтага яны кажуць, што нельга ўхапіць узнёсласць Яе заслугаў, якія Яна ўзнесла да трону Боскасці; нельга змерыць велічыню Яе любові, што большая за зямлю; нельга зразумець веліч Яе ўлады, якую Яна мае нават над самім Богам; і, урэшце, нельга вызначыць бязмежную глыбіню Яе пакоры і ўсіх Яе цнотаў і ласкаў. O неспасцігальная вышыня! O невыказная шырыня! O невымерная веліч! O непрасякальная глыбіня!

[8] Кожны дзень, ад аднаго кутка зямлі да другога, у самай вышыні неба, у самай глыбіні зямлі, усё кажа, усё абвяшчае хвалу Марыі. Дзевяць хораў анёльскіх, усе людзі рознага ўзросту, стану, веравызнання, добрыя і дрэнныя, нават дэманы прымушаныя моцай праўды называць Яе блаславёнай. Усе анёлы ў небе няспынна ўсклікаюць, як кажа святы Банавэнтура: «Sancta, sancta, sancta Maria, Dei Genitrix et Virgo» («Святая, святая, святая Марыя, Маці Божая і Дзева»); і кожны дзень дораць Ёй мільёны мільёнаў Анёльскага прывітання: Ave, Maria…, кланяючыся перад Ёй і просячы аб ласцы ўшанаваць іх хоць адным сваім загадам. Нават святы Міхал Арханёл, Князь нябеснага двору, што, па словах святога Аўгустына, з найбольшым запалам усялякім чынам ушаноўвае Яе і схіляе да гэтага іншых, заўсёды чакае гонару пайсці па Яе загадзе і аказаць паслугу аднаму з Яе слугаў.

[9] Уся зямля напоўненая Яе хвалой, асабліва ў тых краях, правінцыях, дыяцэзіях і гарадах, дзе хрысціяне прызначылі Яе асаблівай Апякункай і Валадаркай. Шматлікія катэдры прысвечаныя Богу пад Яе імем. Няма ніводнага Касцёла без алтара ў Яе гонар; няма ніводнай вёсачкі ці горада, дзе б не было Яе цудоўнага абраза, дзе б не вылечваліся розныя хваробы і не атрымоўваліся розныя даброты. Існуе столькі брацтваў і кангрэгацыяў у Яе гонар! Столькі ордэнаў пад Яе імем і абаронай! Столькі братоў і сёстарў з розных брацтваў і манахаў з розных ордэнаў успяваюць Яе хвалу і абвяшчаюць Яе міласэрнасць! Няма нават ніводнага маленькага дзіцяці, што не праслаўляла б Яе, шчабечучы “Вітай, Марыя”. Няма нават ніводнага грэшніка, што б у сваёй зацвярдзеласці не меў бы хоць іскаркі даверу да Яе. Няма нават ніводнага дэмана ў пекле, які б, баючыся Яе, не ставіўся да Яе з павагай.

[10] Пасля гэтага сапраўды трэба сказаць разам са святымі: «De Maria numquam satis» («Пра Марыю ніколі не досыць»). Мы не дастаткова праслаўлялі, узвялічвалі, ушаноўвалі, любілі і служылі Марыі. Яна заслугоўвае яшчэ большага праслаўлення, павагі, любові і службы.

[11] Сапраўды трэба паўтарыць з Духам Святым: «Omnis gloria ejus filiae Regis ab intus» («Уся хвала дачкі Караля знаходзіцца ўнутры»): так, як бы ўся вонкавая хвала, што Ёй аддаюць у небе і на зямлі, нічога не значыла ў параўнанні з той, якой Яе ўнутрана аздабляе Творца, невядомае маленькае стварэнне, якія не могуць прасякнуць у таямніцу таямніц Караля.

[12] Цяпер нам трэба ўсклікнуць разам з апосталам: «Nec oculus vidit, nec auris audivit, nec in cor hominis ascendit» («Ані вока не бачыла, ані вуха не чула, ані сэрца чалавека не зразумела прыгажосці, велічы і хараства Марыі, гэтага цуда з цудаў ласкі, Яе прыроды і хвалы. Калі вы хочаце зразумець Маці, кажа святы, зразумейце Сына. Гэта годная Маці Бога: «Hic taceat omnis lingua» («Тут няхай змоўкнуць усе вусны»).

[13] Маё сэрца падказала мне ўсё тое, што я з асаблівай радасцю толькі што напісаў, каб паказаць, што боская Марыя была да гэтага часу невядомай , і гэта адна з прычынаў таго, чаму Езус Хрыстус невядомы так, як павінен быць. Калі ж, гэта напэўна, веданне і валадарства Езуса Хрыста ўсталююцца ў свеце, гэта будзе толькі як абавязковае наступства ведання і валадарання Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якая дала Яго свету ў першы раз і зробіць так, што Ён заззяе ў другі.